Такія парушэнні, як заробак, ніжэйшы за мінімалку, ды эксплуатацыя работнікаў, – з'ява ў Беларусі не новая. З тае прычыны, што іншай працы ў вёсках няма, работнікі калгасаў выконваюць не толькі ўласныя абавязкі, але і працу тых, каго калгас вырашыў не наймаць.
«100 рублёў, 120, 180 сама больш», – распавядае пра
свае заробкі Уладзімір Яўхута. Спадар Уладзімір праца-ваў жывёлагадоўцам на ферме ў вёсцы Вострава Слонімскага раёна. Даглядаў кароў: карміў і паіў жывёлу, выкідаў гной. Апроч сваіх абавязкаў, выконваў таксама і працу вартаўніка. Часам працаваць даводзілася без выходных.
«30 дзён, 30 начэй на працы. Па 300 гадзінаў. Больш за мінімалку не атрымліваў», – кажа мужчына. У снежні ферму ў Востраве закрылі, а ўсіх працаўнікоў перавялі на іншую. Яна таксама ўваходзіць у склад сельскагаспадарчага прадпрыемства «Міжэвічы». Не знайшлося там месца толькі Уладзіміру Яўхуту – яго скарацілі. Пасля скарачэння спадар Уладзімір працягнуў судзіцца з кіраўніцтвам калгаса. І спагнаў з наймальніка даплату за звыштэрміновыя работы і даплату да мінімальнага заробку.